Святочнае мерапрыемства да Дня роднай мовы прайшло 21 сакавіка, у сусветны Дзень паэзіі, у Акадэміі МУС.
Дата правядзення мерапрыемства была абрана невыпадкова. У 2022 годзе наша краіна святкуе юбілеі з дня нараджэння вядомых беларускіх паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа (140 гадоў), М. Танка (110 гадоў) і П. Панчанкі (105 гадоў).
У святкаванні Дня роднай мовы ўзялі ўдзел прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры беларускай і замежных моў і курсанты акадэміі.
З уступным словам выступіла прафесар кафедры беларускай і замежных моў доктар філалагічных навук, прафесір Валянціна Мароз, якая адзначыла, што ў сучасным свеце асаблівая ўвага надаецца моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, захаванню нацыянальна-культурных традыцый народаў і краін.
Пранікнёна і чула былі прачытаны курсантамі першых курсаў вершы юбіляраў, прысвячаныя роднай мове і роднаму краю.
Напярэдадні 80-годдзя з дня Хатынскай трагедыі (22 сакавіка 1942 года) нельга было абысці і тэму Вялікай Айчыннай вайны, якая займае значнае месца ў творчасці нашых славутых паэтаў.
Курсанты, якія чыталі прысвечаныя вайне вершы юбіляраў, дапамаглі адчуць усю жудасць і праўду вайны, усхваліць гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А курсант 1 курса факультэта міліцыі Кірыл Журавель нават напісаў музыку да верша М. Танка “Мы вернемся” і выканаў песню.
Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх мірных жыхароў нашай краіны, якія бязвінна загінулі падчас ваеннага ліхалецця, і абаронцаў нашай краіны, якія аддалі свае жыцце, каб мы жылі шчасліва.
Свае вершы прачыталі і маладыя паэты: курсанты 1 “Б” курса факультэта крымінальнай міліцыі Аляксей Гапанёнак і Альгерд Кубараў.
Напрыканцы мерапрыемства начальнік кафедры беларускай і замежных моў палкоўнік міліцыі Таццяна Катцова яшчэ раз павіншавала ўсіх удзельнікаў з сусветным днем паэзіі і уручыла сувеніры маладым аўтарам.
Урачыстая сустрэча, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, адбылася ў шчырай атмасферы цеплыні і павагі прысутных да роднага слова, нацыянальнай культуры і з пачуццём глыбокай пашаны да тых, хто ў гады вайны абараніў нашу Бацькаўшчыну ад фашысцкай навалы.
ГІГС па матэрыялах кафедры беларускай і замежных моў