22
Пн, Ліп

Сустрэча з ліквідатарам катастрофы на ЧАЭС

Напярэдадні дня памяці катастрофы на Чарнобыльскай АЭС курсанты факультэта міліцыі сустрэліся з адным з удзельнікаў тых трагічных падзей.

Падпалкоўнік унутранай службы ў запасе Сямён Якаўлевіч ІльясевІч правёў вельмі цікавую сустрэчу з курсантамі. А распавядаючы пра той час, закрануў і актуальныя на сённяшні дзень праблемы.

Выконваючы задачы ў зоне адчужэння, ліквідатарам важна было клапаціцца пра сваё здароўе, падтрымліваць дысцыпліну і парадак, надаваць павышаную ўвагу гігіене. Вялікую небяспеку ўяўляла пыл, у якой утрымліваліся радыеактыўныя элементы.

На думку Сямёна Якаўлевіча, неабходна было праяўляць кемлівасць як у побыце, так і пры выкананні службовых задач. Патлумачыў гэта апавядальнік тым, што многія інструкцыі ствараліся «на хуткую руку» і нейкія моманты і нюансы ў іх не былі прадугледжаныя. Але самым важным было дапамагчы людзям у гэтай страшнай бядзе.

Свае словы ветэран пацвярджаў жыццёвымі гісторыямі і прыкладамі. На заканчэнне сустрэчы Сямён Якаўлевіч пажадаў будучым афіцэрам здароўя, поспехаў у прафесійных пачынаннях і ўмець слухаць парады старэйшага пакалення.


Алег Дземянцей, 3 «В» курс.
Фота Арцёма Прышчэпава

Навіны